Фальклор мясцовы, вёска Дуброва, Парыцкі (зараз Светлагорскі) раён



13.04.2017 сёння выпадкова трапіла на гэтую старонку свойго блога. Перачытала... цікава!!! Матэрыяла шмат, не памятала нават, што апублікавала, што не. Нажаль, ужо многіх няма на гэтым свеце, хто мне гэта расказаў. Добра, што хапіла розуму запісаць. Людміла Бусел- аўтар, бібліятэкар.

На гэтай старонцы - аўтэнтычны фальклор, 
так гаварылі ў Дуброве раней....

пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на крыніцу абавязкова!!!!

ніжэй змясціла фотаздымкі тых, ад каго запісывала

Абяцанкі-цацанкі, а дурню радасць. Так кажуць, калі шмат разоў падманьваюць.
Ад добрага целяша і трэска хараша. 
У прыгожых бацькоў, прыгожыя дзеці. Запісана ў Дуброве ў жніўні 2017 ад Сахбіевай Вольгі Іванаўны.
Адзін з’еш хоць валА, дык адна хвала.  Трэба дзяліцца з іншымі, угашчаць  тым, што  нагатуеш, не сквапіца
Адзін не ўцячэ, другі не дагоніць.  Запісана ў 2011 годзе ад Друзіка Міхаіла Пятровіча, па вясковаму Мішкі Аўдульчына 1936 г.н., мянушка Лаша´к.  Так ён адказаў на пытанне: “Як Вашы дзела?”. Гэта значыць, што гады ўжо сталыя, хада´ ціхая, з палачкай.
Апёкшыся на малаце, на ваду дуюць. Робяцца занадта асцярожнымі, калі нешта здарыцца.
Аўчынка выдзялкі не стоіць. Нейкая нявыгадная справа.
Баба з возу, каню лягчэй. Гавораць, калі нешта адменяецца.
Бадлівай карове не даў Гасподзь рогі. Той, хто хацеў бы зрабіць нешта дрэннае, не можа гэтага здейсніць.
Беднаму жаніцца, дык ноч кароткая. Так гавораць, калі ў нечым не пашанцуе, нечага не хапае.
Беднай ўдаве каснік не ўгалаве. Бедная ўдава не спадзяецца ўжо на жаночае шчасця
Беднай ўдаве Бог пагоды не дае.
Віламі па вадзе пісана. Нічога яшчэ невядома, можа быць так, а можа гэтак.
Воўк казе не таварыш.  Так кажуць, калі чалавек чалавеку няроўня па жыцці.
Вырас пад неба, а дурань як трэба. Па ўросту вялікі, а па справах дурны.
Гарбатага магіла справіць
Год на год не служыць, (не выпадае). Звычайна кажуць пра ўражай, як які год, калі адно народзіць, калі другое, калі морква, калі цыбуля.
Гэта шчэ цвяточкі, ягадкі будуць наперадзе.
Гушча дзяцей не раскідае, а ў кучу збірае. “Картоплі трэ садзіць гушчэй, бо гушча дзяцей не раскідае, а ў кучу збірае”. Запісана ў 2002 годзе ад Шчэрбін Марыі Іванаўны, 1942г.н. 
Да старога цела маладыя ногі прыкласці. Нешта рабіць спрытнае сталаму чалавеку.
Запісана ў 2002 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны, 1933 г.н. 
Дождж ідзе не тады, як просяць, а тады, як жнуць ды косяць. Надвор’е не закажаш. Часам, ідзе дождж зусім не тады, калі ён патрэбны.
Дабіць да абуха — давесці да развалу, да занепаду, зламаць нешта.
Даў Бог дзіця, дасьць і на дзіця.  Як не цяжка дзяцей гадава´ць, але калі нарадзілася,  дык згадуецца.
Даюць — бяры, бьюць — бягі
Дзярэцца, як жаба на корч.
Дзе тонка, там і рвецца. 
Дурны як бот.
Дурня работа любіць.
Дыму без агню не бывае.
Еш не хачу, бяры не хачу — уволю, колькі хочаш. Ягад урадзіла, еш не хачу.
Жывым у ямку не палезеш.   Кожнаму свой час паміраць адведзены.
Жыцця´ няма — няма спакою ад каго-небудзь, чаго-небудзь.
Заракалася свіння гразі не есці. Калі не вераць абяцанням.
Застаў дурня Богу маліцца, дык лоб разаб’е. Гавораць пра чалавека, які ў нечым  вельмі перастараўся.
Застацца на баба´х. Нічога не атрымаць, не выіграць, застацца ні з чым.
Засячы сабе на насу.  Прыказ добра запомніць
За дурною галавою нагам няма пакою.  Запісана  ў 2008 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны, 1933 г.н.
За шкварку сала, сем вёрст драла.  Па нейкай пустой, невялікай справе далёка ехаць, ці ісці. Запісана  ў 2008 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны, 1933 г.н
З перабораў адны лапці ды аборы*. Кажуць так, калі нехта доўга нешта ці некага выбірае.
Запісанаў 2008 годзе ад Сахбіевай (Шчэрбін) Вольгі Іванаўны, 1938 г.н.
Аборы*  — вяроўкі, якімі прывязваюць лапці да наг

Злучыў Бог з свіннёю, трэба жыць і з ёю. Давадзіцца жыць з тым чалавекам з кім звёў у жыцці лёс. Запісана ў в. Дуброва ў 1997 годзе ад Дайнека Марыі Васільеўны, 1929 г.н.

За што купіў, за тоя і прадаю.
З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. З кім сябруеш, у таго і навучышся, што той ўмее.

Заракалася свіння гразі не есці. З недаверам гаварылі пра чыісці абяцанкі.
З боку прыпёка. Ні пры чым, зусім не мае дачынення. Прыпёк* — рэшткі цеста, астаткі, саскребкі  з дзяжы, пакладзеныя разам з пірагом на бляху ў печ.
З голымі рукамі — пряехаў з голымі рукамі, нічога не прывёз, ніякага гасцінца.
З лысінкай цялятка нарадзілася, з лысінкай і памрэ. Цяжка перайначыць прыродны нораў, характар.
Каб ведаў дзе ўпадзеш, дык саломкі падаслаў бы. Калі б ведаць наперад, дзе і што здарыцца, дык засцярогся б.
Каб ня дырка ў роце, хадзілі бы ў залоце.  Шмат грошай уходзіць на ежу.
Каб пачутае пабачыць.  Я табе веры не даю, абяцанкам не веру.
Клопат вялікі — гавораць, калі нічога страшнага не здарылася.
Кожны божы дзень — пастаянна, кожны дзень.
Ласкавае цялятка две маткі ссе, а гордае ніводнае. Калі падыйсці з ласкай, багата можна дабіцца.
Лепш дрэнна ехаць, чым добра ісці.
Лынды біць.  Гуляць, лайдачыць, нічога не рабіць.
Ляжаць лежма. Моцна захварэць, не мець сілы подняцца.
Ляжаць логам. Нечага ці некага шмат.
Маі´м сло´вам — ад майго імя, як я сказаў.
Надуўся, як мыш на крупы. Нечага пакрыўдзіўся.
На злодзеі шапка гарыць. Той, хто нарабіў шкоды, азіраецца, палохаецца ўсіх і ўсяго.
На мае бяздолля, ліхоя надвор’я  Запісана у 2010 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны
На чыім вазку сяджу, таму і песеньку пяю.  З кім жыву, ад каго залежу, таму і спрыяю. Бабка Піліпіха, Шчэрбін Аляксандра Піліпаўна — баба Алёкса, уражэнка в. Дуброва (1914-1990гг). 
На чужы каравай рот не разявай.
Не мела баба клопату, купіла парася.
Не піва дзіва, пасядзенка дарага. (Мазур Надзея Іванаўна, 1936 г.н. запісана ў красавіку 2017 г). Так гавораць, калі  некаму ўдзячны за ласку і прывітанне. Кашт маюць зносіны паміж людзьмі, а не тое, чым частуюць.
Не ты першы і не ты апошні. Не я першы і не я апошні.  Здаралася такое і раней, і потым яшчэ будзе, не з табой адным такое здаралася.
Нос к носу — сустрэліся нос к носу
Носу не кажа  гавораць аб некім, хто не прыходзіць
Не даць рады — нічога нельга зрабіць, хоць ты галасі
Падарва´цца са смеху — моцна з нечага смеяцца
Па малаку, ног не павалаку.  Нада нешта больш сытнае з’есці (мяса, сала), каб сіла была
Пальцы ў рот не кладзі, бо адкусіць.  Сцяражыся, беражыся  таго, аб кім так гавораць, бо востры на язык.
Пайсці ў старцы´.  Старцы хадзілі па вёсках з торбамі.  Хто што дась, накорміць, тым і жылі.
Пакуль жаніцца  — усё загаіцца. Гавораць, калі рана, драпіна невялікая, няма падставы для клопату; звычайна суцешаючы мало´га.
Пар касцей не ломіць. Так гаворыць той, хто любіць гарачыню, спякоту, звычайна старыя людзі, якія і ўлетку цёпла адзетыя.
Папа´сці на язык  — усе гавораць аб вас, нечым вы прыцягнулі увагу людзей
Пасадзіць на кут — пасадзіць у чырвоны вугал хаты, на самае пачэснае месца за сталом. На кут садзілі самых паважаных людзей, на вяселлях хросных бацькоў, сватаў. Хросныя навек сядзелі на куту, і на вяселлях і на хрысцінах і іншых сямейных святах
Паспяшіш — людзей насмяшіш. Нельга нічога рабіць спехам, без падрыхтоўкі.
Перамелецца — мука´ будзе. Усё дрэннае , непрыемнае з часам забудзецца.
Першы блін комам. Любая справа спачатку, без вопыту невельмі і незаўсёды палучаецца
Прыбяры пень, і пень харошы. Напагля´д, знешне чалавек можа быць прыгожы, але гэта не галоўнае ў  жыцці.  Галоўнае які у яго но´раў.
Пусці свінню за стол, яна і ногі на стол. Няўдзячны чалавек, не падзя´куе за дабрыню да ласку, а яшчэ болей захоча твайго займець.
Пусці на прыпечак, дык і на пэч  ускочыць. Звычайна казалі пра цыган, якія сперша вады прасілі папіць, а потым галаву дурылі. Запісана ў 2011 годзе ад Сахбіевай Вольгі Іванаўны, 1938 г.н.
Свая ноша плечы не цягне.  Калі для сябе нешта робіш, дык зцерпіш любы боль, незручнасць
Свет не без добрых людзей. Свет вялікі,  заўсёды знойдуцца людзі, якія дапамогуць,  падкажуць.
Сёмая вада на кісялі. Нейкае вельмі далёкая свойства (радство), амаль ніхто.
Сабакам сена косіць.  Так кажуць, калі нехта робіць нешта непатрэбнае, гуляе.
Сонца па небе ходзіць, ды ўсім не ўгодзіць. Нельга, немагчыма для ўсіх быць добрым, усім спададацца, нара´віцца.
Сярод бе´ла дня — удзень, днём.
У Бога дзён многа. Так кажуць, калі не паспяваюць нешта зрабіць і праца застаецца надалей.
У каровы малако на языку. Калі добра пад’есь карова, добра малака дась.
У старца кій адабраць — Адняць апошняе ў беднага, забраць нешта такое, што чалавеку самаму вельмі патрэбна.
У сабакі вочы пазычыць — Зрабіць нешта зусім бессаромнае.
У ціхім балоце чэрці водзяцца.  Ніхто не ведае, што на уме ў ціхага, сціплага чалавека.
У гасцях добра, а дома лепей. Звычайна кажуць пры развітанні, збіраючыся дадому.
У лозу, ды ў балота. Так кажуць са зла, калі пасылаюць  некага далёка
Узяць за шкі´ркі — ўзяць за каўнер, за ворат. Ката за шкіркі , ды на двор, каб не шкодзіў.
У рукі ўзяць — аказаць добры ўплыў, перамяніцца да лепшага.
У сарочцы нарадзіўся.  Так кажуць пра чалавека, якому ў нечым моцна пашанцавала.
У свіныя галасы. Вельмі спазніцца, калі ўжо не пяўні спяваюць, а свіньі пішчаць.
Хадзіць на цы´пачках — камусьці дагаджаць, услужываць.
Хоць гаршком назаві, толькі ў печ не стаўляй. Словамі пад зло  можна рознага нагаварыць.
Хто вязе , на тым і едуць. Хто прымае на сябе клопаты іншых, тога і нагружаюць
Хутка едзеш — бяду дагоніш, ціха едзеш — яна цябе дагоніць.  Усяму свой час, свае ўрэмя. Дрэнна калі спяшаешся, але і марудзіць не трэ. Запісана ў 2011 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны, 1933 г.н.
Хоць ты галасі — нічога не атрымліваецца, і по´мачы чакаць няма адкуль
Хоць кол на галаве чашы. Пра ўпартага чалавека
Хоць ты плач.
Хутка ідзеш, бяду дагоніш, ціха ідзеш, бяда цябе дагоніць.  Усё трэ рабіць у меру спрытна. Запісана ў 2008 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны, 1933 г.н. 
Хто пытае, той не блудзіць
Хто рана ўстае, таму Бог дае.  Рана ўстанеш, багата работы паспееш зрабіць
Ціпун табе на язык. Нядобрае пажаданне таму, хто сказаў нешта не тое.
Часцей ды´хання — часта нешта рабіць, аб нечым узгадываць. Курыў часцей дыхання, а потым кашляў і харкаў.
Чым багаты, таму і рады.  Звычайна кажуць за сталом, гаспадары задаволеныя тым, што маюць.
Што ў цвярозага ў галаве, тое ў п’янага на языку. Пьяны чалавек сабой не кіруе. Можа што лішняе наплесці.
Шчаслівы той, хто шчаслівы ў дзецях. Калі дзеці добрыя, бацькі  шчаслівыя.
Яблык ад яблыні не далёка падае. Дзеці навек на бацькоў пахожыя: і знешне, і па паводзінах, чаму навучылі, як васпіталі бацькі, такія і будуць.
Як воўк украў. Калі нешта зробіцца зненацку, неспадзевана, нечакана.
Язык да Кіява давядзе.
Яйка курыцу не вучыць. Трэ слухаць старэйшых, якія пажылі, усяго ў жыцці пабачылі, вопыт маюць.
Як воўк украў — нешта прапала неспадзявана, нечакана.
Як за перавесам — на распуцці, на растанцах, паміж некімі важнымі справамі, здарэннямі
Як сабаку пятая нага. Зусім не  трэба нешта, ці нехта.
Як чорт за вушы цягне. Дапамагае невядома хто. Траву гэтую, палю, палю, не дам рады, яе як сам чорт за вушы цягне.
Як сяльцэ,так і нараўцэ —  У кожным сяле  свая гавара.
Як у вянок паўе — усю работу паробіць, усё прыладзіць, упарадкуе, як у вянок паўе.
Запісана ў 2006 годзе ад  Тукач Пелагеі Іванаўны, 1928 г.н. Так сказала яна пра з выгляду непрыгожую, але вельмі працавітую і мастеравітую жонку дуброўскага званара Лагуна (мянушка), які жыў з сям’ёй ля царквы ў Дайнеках (Дуброва).

 Як хваробе кашаль   — гавораць так, калі прапанаваны  сродак, ці  дзея не дапамагае

З кнігі “Малады горад на зямлі старажытнай” матэрыялы С.Н.Прача.. “Матэрыялы да слоўніка народна-дыялектнай мовы”, пад рэд. Фёдара Янкоўскага, Мн., 1960 пад гагалоўкам “З лексік вёсак Парыцкага раёна”.

Асінавы дух (дровы асінавыя), казліны пух — дык вылязя дух    (Дуброва)
А кадук яго ведая, чаго ён хоча (Пятровічы)
Жонка для свету, цешча для прывету, а маці радней усяго сьвету (Пятровічы)
За няўдачу даюць у прыдачу (Чэрнін)
Здагадлівы, як Сямёна Хімінага певянь: зімой у пашню ні йдзе, а сьцежачкай-сьцежачкай ды ў мліва (Дуброва)
Соль ды каржы — кашані  дый ляжы; сыр ды каўбаса — бяры, мая каса (Дуброва).


Бусел Степаніда Ефимовна (1919-2009 гг)

Дайнеко Ольга Антоновна (1919- 2014)

Дайнеко Мария Васильевна (1929-2016)

Мазур Надежда Ивановна, 1933 г.р., Бусел Варвара Николаевна (1930-2013гг)

Сахбиева (Щербин) Ольга Ивановна, 1938 г.р.




Прыкметы
Каб не ссурочылі, не зглазілі, цяжарнай жанчыне раілі прышпіляць булаўку (шпульку*), ці  чырвоную трапачку да падолу, з левага боку спадніцы. Трэба асцярагацца крывотлівых* позіркаў. Крывотлівых* —зайдрасных; Шпульку трэ прышпіліць
Каб не пасварыцца, праз парог не здароўкаюцца.
Каб добры мець ураджай трэ прытрымлівацца Луны. Што паспевае ў зямлі (морква, буракі, цыбуля) — сеялі на сходніх днях (калі Луна убывае). Што расце на паверхні (памідоры, гуркі, капуста) садзілі на трэці, пяты,сёмы дзень пасля маладзіка (калі Луна расце)
Каб удаліся гуркі  — сеюць уранні, пакуль яшчэ каровы ў хлявах, не пайшлі на пашу. Лепей, каб сеяў мужык, тады яны будуць удалыя і мала будзе пустацвету. Лепей, каб не бачылі суседкі.
Сеялі ў розны час: на Міколу (22 мая), 28 мая (на Пахома). Сей гуркі на Пахом, не убярэш мяхом.
Калі карову на пашу выганялі пасля зімы, гаспадыні, каб, хто не зглазіў, не ссурочыў жывёлу, прычаплялі ёй на шыю, ці на рог чырвонага коляру матузок.
Калі нявеста губляла касні´к*, гэта дрэнна, нешта нядобрае здарыцца ў жыцці маладых.
Быў такі выпадак з дуброўскай маладой. Здарылася гэта ў 30-х гадах XX стагоддзя.  Калі  вясельная дружына  пераплывала на пароме раку Беразіну ў Парычах, каснік* нявесты ўпаў ў ваду.  Усе ахнулі, што нядобры гэта знак. Але жыла тая сям’я доўга і шчасліва. Запісана ў 2005 годзе бібліятэкарам Бусел Людмілай Фёдараўнай ад Бусел Сцепаніды Яфімаўны, 1919 г.н.
Касн´ік* — вузкія стужкі з каляровай тканіны: шаўковыя, баваўняныя з даматканай шарсцінкі.  
Калі доўгі час не было дажжу, аборвалі на дож. Цягалі плуг паўз платы у Буслах на выгане. Радаваліся вельмі, калі дапамагала. Запісана ад Сахбіевай (Шчэрбін ) Вольгі Іванаўны, 1938 г.н.
Калі карова целіцца, ці свінья паросіцца, у той дзень, нікому нічога нельга даваць,  ні пазычаць, нічога не выносіць з селішча.
Калі вяртаюць каму-небудзь посуд, у якім нешта пазычалі (міску,  банку), ніколі не аддаюць  яго пустым. Трэ кінуць унутр хоць скарынку хлеба, каб не было пуста, нічога не зводзілася ў таго хто вам пазычаў.
Калі рассыплецца соль — быць сварцы; калі даводзіцца пазычаць соль, яе ніколі не вярналі, аддавалі так чым-небудзь.
Калі забіваюць свінн’ю, гаспадыня не даўжна прысутнічаць, каб не шкадаваць яе, бо свіння доўга будзе здыхаць

Калі, хто вельмі  пільна глядзіць на вас, трэ  тройчы сказаць пра сябе “Соль табе ў вочы.”

Калі дзіцяці спаўняўся роўна год, яго стрыглі нагала.

Калі ў дзень вяселля ішоў дождж, казалі : “Багатыя  маладыя будуць”.
Калі нехта памірае, то сваякі таго, хто памёр  наперададні, стаяць “на варотах”, на ўваходзе на могілкі, сустракаюць і “перадаюць уладу”.
Камары таўкуць гушчу* да добрага надвор’я.
Гушча* — нешта густое,  месіва, пойла для жывёлы, ежа
Касі каса, пакуль раса. Касіць навек пачыналі з самага ранку, толькі сонца ўстане, па расе лягчэй косіцца.
Маладыя на вяселлі не бяруць грошы голымі рукамі. Госці кладуць “на каравай” грошы на пакрытую хусцінкай талерку.
На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ў’е.

Навек угашчаюць гарэлкай і прысмакамі з вясельнага стала тых, хто не запрошаны на вяселле, але прыйшоў пабачыць  маладых да хаты, у якой вяселле.
Нельга было дзізяці да года не стрыглі валасы, паказваць яму зеркала,  вывешываць пялёнкі на двары, каб злое вока не зглазіла, не навяло порчы.

Нельга цяжарнай жанчыне стрыгці косы, знаходзіцца на пахаранах,  за памінальным сталом, на могілках

Не ўступай у чужыя сляды, набярэшся чужой бяды.

Не чапалі зямлю ад Пакравоў (14 кастрычніка) да Благавешчання (7 красавіка), не капалі  ні грады, ні ямкі пад ушулы для плата, не ставілі помнікі на могілках.

Сей ў гразь — будзеш князь. Сеяць авёс, ячмень трэ пакуль з зямлі не выйшла ўлага.
Урэмя  садзіць бульбу, калі лісце на бярозе з капейку памерам стане.
Урэмя садзіць цыбулю  — у Красную суботу, суботу перад Вяліканнем.
Яечкі на Пасху красяць у цыбульніку*
Цыбульнік* —настой з цыбульнага шалупіння

У “чысты” чацвер, чацвер перад Вяліканнем, вымывалі, вычышчалі ў хатах, бялілі печ, пралі посцілкі (паласкаць хадзілі на Іпу), сціралі набожнікі, з вакон гардіны. 

                                                                                        аўтар блога Людміла Бусел
выкарыстанне дазволена толькі з указаннем крыніцы


 




1 комментарий:

  1. гэтыя прыказкі ды прымаўкі былі сабраны бібліятэкарам за даволі працяглы час, праца працягваецца..

    ОтветитьУдалить